Ritus initiales 
Уступныя Абрады 

1. Пасьля таго, як сабраўся народ, сьвятар разам з асыстай накіроўваецца да алта-ра. У гэты час сьпяваецца альбо гаворыцца сьпеў на ўваход (Cantus ad introitum).  
2. Падыйшоўшы да алтара, сьвятар чыніць разам з асыстай паклон, цалуе алтар і можа зрабіць прад ім акаджэньне. Затым сядае разам з асыстай.  
Пасьля завяршэньня ўваходнага сьпеву, сьвятар і вернікі, устаўшы, робяць знак крыжа; пры гэтым сьвятар, зьвяртаючыся да народа, кажа: 

У імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога. 

Народ адказвае:  

Амэн. 

Затым сьвятар, распасьцёршы рукі, вітае народ словамі:  

Мiласьць Бога Айца, 
ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста 
i дар адзiнасьцi ў Духу Сьвятым 
няхай будуць з усiмi вамi. 

Альбо: 
Госпад з вамі. 

Народ адказвае: 

І з духам тваім. 

Біскуп замест "Госпад з вамі" кажа: 

Мір вам. 

3. Сьвятар альбо дыякан, ці іншы годны служыцель можа зрабіць кароткі ўступ для вернікаў аб значэньні Імшы гэтага дня. Затым адбываецца Абрад пакаяньня (Actus paenitentialis). Сьвятар заклікае вернікаў да пакаяньня:  

Браты і сёстры, 
вызнаем нашыя грахі, 
каб з чыстым сэрцам 
зьдзейсьніць найсьвяцейшую ахвяру. 

Некаторы час захоўваецца маўчаньне. Затым усе разам робяць вызнаньне грахоў: 

Спавядаюся Богу ўсемагутнаму 
i вам, браты i сёстры, 
што зграшыў я вельмі 
думкаю, словам, учынкам і занядбаньнем 

Б’ючы сябе ў грудзі, кажуць:  

мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна. 

Затым працягваюць:  

Таму прашу найсьвяцейшую, заўсёды Дзеву, Марыю, 
усіх Анёлаў і Сьвятых, 
і вас, браты і сёстры, 
памаліцца за мяне 
да Госпада Бога нашага. 

Сьвятар адчытвае завяршальную малітву:  

Няхай зьмілуецца над намі Бог усемагутны і, 
адпусьціўшы нам грахі, 
давядзе нас да жыцьця вечнага. 

Народ адказвае: 

Амэн. 

Па жаданьні можна выкарыстоўваць іншыя формы павітаньня і абрада пакаяньня. У нядзелю замест обрада покаяньня можа быць зьдзейсьненае дабраслаўленьне вады і пакрапленьне ёю вернікаў.  
4. Адбываецца ўскліканьне "Госпадзе, зьмілуйся" (Kyrie, eleison), калі гэта ўжо не выкарыстоўвалася ў якой-небудзь форме Абрада пакаяньня.  

Госпадзе, зьмілуйся. - Госпадзе, зьмілуйся. 
Хрысьце, зьмілуйся. - Хрысьце, зьмілуйся. 
Госпадзе, зьмілуйся. - Госпадзе, зьмілуйся. 

5. Затым, калі прадпісана, сьпяваецца альбо чытаецца гімн "Хвала на вышынях Богу". 

Хвала на вышынях Богу, 
а на зямлі мір людзям добрай волі. 
Хвалім Цябе, 
дабраслаўляем Цябе, 
кланяемся Табе, 
славім Цябе, 
падзяку Табе складаем, 
бо вялікая хвала Твая, 
Госпадзе Божа, Валадар нябесны, 
Божа, Ойча ўсемагутны. 
Госпадзе, Сыне адзінародны, 
Ісусе Хрысьце, 
Госпадзе Божа, Ягнец Божы, 
Сыне Айца, 
які ўзяў на сябе грахі сьвету - 
зьмілуйся над намі, 
які ўзяў на сябе грахі сьвету - 
прымі маленьні нашы, 
які сядзіш праваруч Айца - 
зьмілуйся над намі. 
Бо толькі Ты сьвяты, 
толькі Ты наш Госпад, 
толькі Ты найвышэйшы, 
Ісусе Хрысьце, 
з Духам Сьвятым 
у хвале Бога Айца. 
Амэн. 

6. Пасьля сьвятар, склаўшы рукі, кажа:  

Молімся. 

І ўсе разам са сьвятаром некаторы час моляцца ў маўчаньні. Затым сьвятар, рас-пасьцёршы рукі, чытае Уступную малітву (Oratio Collecta). Пасьля яе завяршэньня народ адказвае:  

Амэн. 
 


Liturgia verbi 
Літургія Слова 

7. Затым лектар узыходзіць на амвон і чытае першае чытаньне, каторае ўсе слуха-юць седзячы.  
Завяршаючы чытаньне, лектар дабаўляе:  

Гэта слова Божае. 

Усе адказваюць:  

Дзякуем Госпаду Богу. 

8. Псальміст сьпявае, альбо чытае псальм; народ паўтарае рэфрэн.  
9. Затым, калі прадпісана другое чытаньне, лектар чытае яго з амвона, як гаворыцца вышэй.  
Завяршаючы чытаньне, лектар дабаўляе:  

Гэта слова Божае. 

Усе адказваюць:  

Дзякуем Госпаду Богу. 

10. Затым чытаецца, альбо сьпяваецца "Альлелюя" альбо ў часе Вялікага Посту "Хвала Табе, Слова Божае", ці "Хвала Табе, Валадар вякоў".  
11. У гэты час, калі выкарыстоўваецца кадзіла, сьвятар засыпае ў кадзіла ладан. Затым дыякан, якому належыць чытаць Евангельле, нахіліўшыся прад сьвятаром, просіць дабраслаўленьня, ціха кажучы:  

Дабраславі, ойча. 

Сьвятар ціха кажа:  

Госпад няхай будзе ў сэрцы тваім і ў вуснах тваіх, 
каб ты годна абвяшчаў Яго Евангельле: 
у імя Айца, і Сына, + і Духа Сьвятога. 

Дыякан адказвае:  

Амэн. 

Калі няма дыякана, сьвятар, нахіліўшыся прад алтаром, ціха кажа: 

Усемагутны Божа, ачысьці маё сэрца і мае вусны, 
каб я мог годна абвяшчаць Тваё сьвятое Евангельле. 

12. Затым дыякан альбо сьвятар узыходзіць на амвон (пры гэтым яго можа супра-ваджаць асыста з кадзілам і сьвечкамі) і кажа:  

Госпад з вамі. 

Народ адказвае: 

І з духам тваім. 

Дыякан альбо сьвятар: 

Словы Евангельля паводле сьвятога... (Мацьвея, Марка, Лукі, Іяана) 

Пры вымаўленьні гэтых словаў, робіць знак крыжа на кнізе, на сваім ілбе, вуснах і грудзях.  
Народ адказвае:  

Хвала Табе, Госпадзе. 

Затым дыякан альбо сьвятар акаджае кнігу, калі выкарыстоўваецца кадзіла, і чытае Евангельле.  
13. Скончыўшы чытаньне Евангельля, дыякан альбо сьвятар кажа:  

Гэта слова Госпада. 

Усе адказваюць:  

Хвала Табе, Хрысьце. 

Затым сьвятар цалуе кнігу і ціха кажа:  

Няхай словы Евангельля згладзяць нашыя грахі. 
 

14. Затым гаворыцца казань, якая павінна гаварыцца ва ўсе дні нядзеляў і абавязко-вых сьвятаў, пажадана таксама і ў іншыя дні.  
15. Пасьля завяршэньня казані чытаецца, калі прадпісана, вызнаньне веры:  

Веру 
ў адзінага Бога, 
Айца ўсемагутнага, 
Творцу неба і зямлі, 
усяго бачнага і нябачнага. 
І ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, 
Сына Божага адзінароднага, 
які з Айца народжаны 
перад усімі вякамі, 
Бога ад Бога, 
Сьвятло ад Сьвятла, 
Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, 
народжанага, а не створанага, 
адзінасутнага Айцу, 
празь яго ўсё сталася. 
Ён дзеля нас людзей 
і дзеля нашага збаўленьня 
зыйшоў зь неба 
Пры чытаньні гэтых словаў, да словаў "і стаў Чалавекам ", усе схіляюць галовы. 
і прыняў цела 
за справай Духа Сьвятога зь Дзевы Марыі 
і стаў Чалавекам; 
укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, 
цярпеў і быў пахаваны, 
на трэці дзень уваскрос паводле Пісаньня, 
узыйшоў на неба, 
сядзіць праваруч Айца, 
зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, 
а Валадарству Яго ня будзе канца. 
Веру у Духа Сьвятога, 
Госпада жыватворчага, 
які ад Айца і Сына паходзіць, 
якому разам з Айцом і Сынам 
таксама належыць пакланеньне і хвала, 
які прамаўляў праз прарокаў. 
Веру у адзіную 
сьвятую 
каталіцкую 
і апостальскую Царкву. 
Прызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў 
і чакаю ўваскрасеньня памерлых 
і жыцьця ў будучым сьвеце. 
Амэн. 

16. Затым чытаецца Малітва Верных (Oratio universalis, seu Oratio fidelium).  
 


Liturgia eucharistica 
Еўхарыстычная Літургія 

17. Пасьля Літургіі Слова пачынаецца сьпеў на прынясеньне дароў (Cantus ad offertorium). У гэты час разьмяшчаецца на алтары карпарал (corporale), пурыфікатар (purificatorium), келіх (calix) і Імшал.  
18. Пажадана, каб верныя прынялі ўдзел у прынясеньні дароў, прыносячы хлеб і віно для зьдзяйсьненьня Еўхарыстыі, альбо іншыя дары для патрэб Царквы і бед-ных.  
19. Сьвятар, стоячы каля алтара, бярэ патэну (patena) з хлебам і, прыпаднімаючы яе над алтаром, ціха кажа:  

Дабраслаўлёны Ты, Госпадзе Божа сусьвету, 
бо, дзякуючы Тваёй шчодрасьці, мы атрымалі хлеб, - 
плён зямлі і працы чалавечых рук, - 
ахвяруем яго Табе, 
каб ён стаўся для нас хлебам жыцьця. 

Затым ставіць патэну з хлебам на карпарал.  
Калі адсутнічае сьпеў на ахвяраваньне дароў, сьвятар мажа казаць гэтыя словы ў поўны голас; на іх завяршэньне народ дадае:  

Дабраслаўлёны Ты, Божа, цяпер і заўсёды. 

20. Дыякан альбо сьвятар налівае ў келіх трошкі віна і вады, ціха кажучы:  

Праз таямніцу злучэньня гэтай вады і віна, 
адары нас, Божа, удзелам у бостве Хрыста, 
які прыняў нашую чалавечнасьць. 

21. Сьвятар бярэ келіх і, прыпаднімаючы яго над алтаром, ціха кажа: 

Дабраслаўлёны Ты, Госпадзе Божа сусьвету, 
бо, дзякуючы Тваёй шчодрасьці, мы атрымалі віно, - 
плён вінаграднай лазы і працы чалавечых рук, - 
ахвяруем яго Табе, 
каб яно сталася для нас духоўным напоем. 

Затым ставіць келіх на карпарал.  
Калі адсутнічае сьпеў на ахвяраваньне дароў, сьвятар можа казаць гэтыя словы ў поўны голас; на іх завяршэньне народ кажа:  

Дабраслаўлёны Ты, Божа, цяпер і заўсёды. 

22. Затым сьвятар, нахіліўшыся, ціха кажа: 
 

Прымі нас, Госпадзе Божа, стоячых прад Табою 
ў духу пакоры і з сэрцам скрушаным. 
Няхай будзе Табе мілай гэтая ахвяра, 
якую сёньня мы складаем. 

23. Сьвятар можа таксама акадзіць дары і алтар, пасьля чаго дыякан альбо хтосьці з асысты акаджае сьвятара і народ.  
24. Затым сьвятар, стоячы з боку алтара, абмывае рукі, ціха кажучы:  

Абмый мяне, Госпадзе, ад маёй віны 
і ачысьці мяне ад майго граху. 

25. Пасьля гэтага, стаўшы пасярод алтара, тварам да народа, распасьцёршы і склаўшы рукі, кажа:  

Маліцеся, браты і сёстры, 
каб маю і вашую ахвяру 
прыняў Госпад Бог усемагутны. 

Народ адказвае:  

Няхай Госпад Бог прыйме ахвяру з рук тваіх 
на ўшанаваньне і хвалэ імя свайго, 
а таксама на карысьць нам і ўсёй сьвятой Царкве. 

26. Затым, распасьцёршы рукі, сьвятар кажа Малітву над дарамі (Oratio super oblata). Пасьля яе завяршэньня народ адказвае: 

Амэн. 
 


PREX EUCHARISTICA ІІ 
ІІ Еўхарыстычная Малітва 

27. Пасьля гэтага сьвятар пачынае Еўхарыстычную малітву. Распасьцёршы рукі, ён кажа:  

Госпад з вамі. 

Народ адказвае:  

І з духам тваім. 

Сьвятар, узносячы рукі, працягвае: 

Узьнясём сэрцы. 

Народ: 

Узносім іх да Госпада.  

Сьвятар, з распасьцёртымі рукамі, кажа далей: 

Падзякуем Госпаду Богу нашаму. 

Народ:  

Годна гэта і справядліва. 

Затым сьвятар, з распасьцёртымі рукамі, чытае альбо сьпявае Прэфацыю (Praefatio). На завяршэньне Прэфацыі сьвятар складвае рукі і, разам с народам сьпявае альбо кажа моцным голасам:  

Сьвяты, сьвяты, сьвяты, Госпад Бог усемагутны. 
Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй. 
Гасанна на вышынях. 
Дабраслаўлёны той, хто ідзе ў імя Божае. 
Гасанна на вышынях. 

28. На ўсех Імшах сьвятар можа сьпяваць тыя часткі Еўхарыстычнай малітвы, якія могуць сьпявацца на Імшах з канцэлебрай. Чытаецца Еўхарыстычная малітва. Тут падаецца Другая, якяе найчасьцей выкарыстоўваецца.  
102. Сьвятар, распасьцёршы рукі, кажа: 

Сапраўды сьвяты Ты, Божа, 
крыніца ўсялякай сьвятасьці. 

103. Злучае рукі і, трымаючы іх прасьцёртымі над дарамі, кажа:  

Таму просім Цябе 

У нядзелю:  

Таму мы стаім прад Табою 
і разам з усёй Царквою 
сьвяткуем першы дзень тыдня, 
калі Хрыстос уваскрос 
і паслаў апосталам Духа Сьвятога. 
Дзеля Хрыста просім Цябе, 
усемагутны Божа: 

Склаўшы рукі, робіць знак крыжа над хлебам і келіхам, кажучы: 

асьвяці гэтыя дары моцай Духа Твайго, 
каб яны сталіся для нас 
Целам + і Крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста. 

Злучае рукі.  
104. Устаноўчыя словы Госпада належыць чытаць выразна і ясна, як патрабуе гэтага сама сутнасьць гэтых словаў.  

Ён, дабравольна аддаючы сябе на пакуты, 

сьвятар бярэ хлеб, трошкі прыпаднімаючы яго над алтаром - так яго трымаючы, працягвае:  

узяў хлеб і, 
падзяку Табе складаючы, 
ламаў і раздаваў сваім вучням, кажучы: 

трошкі нахіліўшыся  

БЯРЫЦЕ І ЕШЦЕ З ГЭТАГА ЎСЕ:  
ГЭТА БО ЁСЬЦЬ ЦЕЛА МАЁ,  
ЯКОЕ ЗА ВАС БУДЗЕ ВЫДАНА. 

Сьвятар паказвае Еўхарыстычны Хлеб народу і, паклаўшы яго на патэну, чыніць каленапрыкланеньне.  
105. Затым сьвятар працягвае: 

Таксама пасьля вячэры, 

сьвятар бярэ келіх, трошкі прыпаднімаючы яго над алтаром - так яго трымаючы, працягвае: 

узяўшы келіх, 
ізноў складаючы Табе падзяку, 
Ён падаў сваім вучням, кажучы: 

трошкі нахіліўшыся  

БЯРЫЦЕ І ПІЦЕ ЗЬ ЯГО ЎСЕ:  
ГЭТА БО ЁСЬЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ,  
НОВАГА І ВЕЧНАГА ЗАПАВЕТУ,  
ЯКАЯ ЗА ВАС І ЗА МНОГІХ БУДЗЕ ПРАЛІТА  
ДЗЕЛЯ АДПУШЧЭНЬНЯ ГРАХОЎ.  
ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ. 

Сьвятар паказвае Келіх народу і, паставіўшы яго на карпарал, чыніць каленапрыкла-неньне.  
106. Затым кажа:  

Гэта вялікая таямніца веры. 

і народ працягвае, усклікаючы:  

Сьмерць Тваю абвяшчаем, Госпадзе, 
вызнаём Тваё ўваскрасеньне, 
і чакаем Твайго прыйсьця ў хвале. 

Альбо: 

Хрыстос памёр. Хрыстос уваскрос. Хрыстос надыходзіць. 

107. Затым сьвятар з распасьцёртымі рукамі кажа:  

Успамінаючы Яго сьмерць і ўваскрасеньне, 
Табе, Госпадзе, прыносім 
Хлеб жыцьця і Келіх збаўленьня 
і дзякуем Табе, 
бо Ты зрабіў нас годнымі 
стаяць прад Табою і служыць Табе. 
Пакорна просім, 
каб Дух Сьвяты зьяднаў нас, 
прымаючых Цела і Кроў Хрыста. 
Памятай, Госпадзе, Царкву Тваю 
на ўсёй зямлі, 
дапамажы ўзрастаць ёй у любові 
разам з нашым Папам N., 
нашым Біскупам N. 
і ўсім духавенствам. 

На Імшах аб памерлых можна добаўляць:  

Памятай, Госпадзе, памерлага (памерлую) N.; 
яго (яе) паклікаў Ты да сябе з гэтага сьвету (сёньня). 
Дай жа яму (ёй), які (якая) злучыўся (-лася) з Сынам 
Тваім у сьмерці, 
Праз Хрост удзельнічаць 
ва ўваскрасеньні Хрыста. 
Памятай таксама братоў нашых, 
паснуўшых у надзеі ўваскрасеньня, 
і ўсіх паснуўшых у Тваёй ласцы 
і прымі іх у сьвятло аблічча Твайго. 
Зьмілуйся над усімі намі і дай нам удзел у жыцьці вечным 
разам з найсьвяцейшай Багародзіцай Дзевай Марыяй, 
са сьвятымі багаслаўлёнымі апосталамі, 
(са сьвятым N.) і ўсімі сьвятымі, 
праз вякі Табе дагадзіўшымі, каб зь імі 
ўсхваляць і праслаўляць Цябе, 

Злучае рукі. 

Праз Твайго Сына, Ісуса Хрыста. 

108. Бярэ патэну і келіх і, паднімаючы іх, кажа: 

Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысьце 
Табе, Богу Айцу ўсемагутнаму, 
у адзінстве Духа Сьвятога ўся пашана і хвала 
на вякі вечныя. 

Народ адказвае:  

Амэн. 

Сьвятар ставіць патэну і келіх на алтар. 
 


RITUS COMMUNIONIS 
Абрад Камуніі 

125. Паставіўшы на алтар патэну і келіх, сьвятар, са складзенымі рукамі,  кажа:  

Збаўленнымі загадамі навучаныя, 
Божымі настаўленьнямі адухаўлёныя, 
асьмельваемся казаць: 

Альбо:  

Молімся Айцу нябеснаму, 
як навучыў нас Ісус Хрыстос: 

Прасьцірае рукі і разам з народом прадаўжае: 

Ойча наш, каторы ёсьць у небе! 
Сьвятым будзь імя Тваё, 
прыйдзі Валадарства Тваё, 
будзь воля Твая 
як на небе, так і на зямлі; 
хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня; 
і прабач нам грахі нашы, 
як і мы прабачаем вінаватым нашым; 
і ня ўводзь нас у спакусу, 
але збаў нас ад злога. 

126. Сьвятар, з прасьцёртымі рукамі, прадаўжае адзін:  

Вызвалі нас, Госпадзе, ад усялякага зла, 
даруй міласьціва мір у дні нашы, 
каб сілаю Тваёй міласэрнасьці 
мы былі заўсёды збаўленыя ад граху 
і агароджаныя ад усялякага неспакою, 
з радаснай надзеяю, чакалі прыйсьця 
Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. 

Складвае рукі. Народ закончвае малітву, кажучы:  

Бо Тваё Валадарства, і сіла, і хвала на вякі. 

127. Затым сьвятар, прасьцёршы рукі, поўным голасам кажа:  

Госпадзе Ісусе Хрысьце, 
Ты сказаў Апосталам сваім: 
мір мой пакідаю вам, мір мой даю вам. 
Не зважай на грахі нашы, 
але на веру Царквы Тваёй 
і па волі Тваёй 
гажазволь прымірыць і злучыць яе. 

Складае рукі. 

Бо Ты жывеш і валадарыш на вякі вечныя. 

Народ адказвае: 

Амэн. 

128. Сьвятар, тварам да народа, прасьцёршы, а затым склаўшы рукі, кажа:  

Мір Госпада нашага няхай заўсёды будзе з вамі. 

Народ адказвае:  

І з духам Тваім 

129. Затым сьвятар альбо дыякан можа дадаць:  

Прывітайце адзін другога зь мірам і любоўю. 

І ўсе вітаюць адзін другога знакам міра і любові згодна зь мясцовым звычаем; сьвя-тар вітае дыякана альбо асысту.  
130. Затым сьвятар бярэ Еўхарыстычны Хлеб, ломіць яго над патэнай і адну яго частачку апускае ў келіх, ціха кажучы:  

Цела і Кроў Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
злучаныя ў гэтым Келіху, 
няхай дапамогуць нам, што іх прымаюць, 
асягнуць жыцьцё вечнае. 

131. У гэты час сьпяваецца альбо говорыцца: 

Ягнец Божы, які ўзяў на сябе грахі сьвету, - 
зьмілуйся над намі. 
Ягнец Божы, які ўзяў на сябе грахі сьвету, - 
зьмілуйся над намі. 
Ягнец Божы, які ўзяў на сябе грахі сьвету, - 
дай нам мір. 

Калі пераламленьне Хлеба працягваецца больш, першае прашэньне можна паўтараць некалькі разоў;  астатнім заўсёды  гаворыцца: дай нам мір.  
131. Затым сьвятар са складзенымі рукамі ціха кажа:  

Госпадзе Ісусе Хрысьце, 
Сыне Бога жывога, 
Ты па волі Айца 
пры ўдзеле Духа Сьвятога 
праз сваю сьмерць ажыўляеш сьвет, 
найсьвяцейшым Целам і Крывёю сваёю 
вызвалі мяне з усіх правінаў маіх з усялякага зла, 
дапамажы заўсёды захоўваць загады Твае 
і не дай мне адлучыцца ад Цябе. 

Альбо:  

Прыняцьце Цела і Крыві Тваёй, 
Госпадзе Ісусе Хрысьце, 
няхай не стануць для мяне прысудам на згубу, 
але міласэрнасьцю Тваёю 
няхай захаваюць і асьвяцяць маю душу і цела. 

133. Сьвятар прыкленчвае, бярэ Еўхарыстычны Хлеб - трошкі прыпаднімае яго над патэнаю, зьвярнуўшыся да народа, кажа:  

Гэта Ягнец Божы, які ўзяў на сябе грахі сьвету, 
дабраслаўлёныя пакліканыя на вячэру Ягняца. 

і разам з народом працягвае:  

Госпадзе, я не варты, каб Ты прыйшоў да мяне, 
але скажы толькі слова, і збавіцца душа мая. 

134.Затым сьвятар ціха кажа:  

Цела Хрыста няхай захавае мяне для жыцьця вечнага. 

і прычашчаецца Целам Хрыста. 
Затым бярэ келіх і ціха кажа:  

Кроў Хрыста няхай захавае мяне для жыцьця вечнага. 

і прычашчаецца Крывёю Хрыста.  
135. Затым сьвятар бярэ патэну альбо ківорый (pyxis) зь Целам Хрыста, падыходзіць да прычашчаемых - паказваючы Цела Хрыста, кажа: 

Цела Хрыста. 

Той, хто прычашчаецца адказвае:  

Амэн. 

і прычашчаецца.Таксама чыніць і дыякан, калі ён прычашчаецца.  
136. Калі прычашчэньне адбываецца пад двумя постацямі, то яно чыніцца згодна зь мясцовай традыцыяй.  
137. Калі сьвятар прычашчаецца Целам Хрыста, пачынаецца сьпеў (Cantus аd Communionem):  
138. Пасьля прычашчэньня народа, сьвятар альбо дыякан, альбо акаліт ачышчае патэну над келіхам і сам келіх. У гэты час сьвятар ціха кажа:  

Госпадзе, дай нам чыстым сэрцам прыняць тое, 
што прынялі вуснамі, і дар, атрыманы ў жыцьці часовым, 
няхай будзе аховаю для жыцьця вечнага. 

139. Затым сьвятар можа вярнуцца на сваё месца і сесьці. Некаторы час можна правесьці ў маўчаньні і малітве, сьпяваць псальм альбо песьню.  
140. Пасьля гэтага,стоячы на сваім месцы альбо каля алтара, сьвятар кажа: 

Молімся. 

І  ўсе разам са сьвятаром моляцца некаторы час у маўчаньні, калі малітоўнае маўчаньне не прысутнічала непасрэдна прад гэтым. Затым сьвятар, распасьцёршы рукі, кажа Малітву пасьля Камуніі (Oratio post Communionem). Пасьля яе завяршэнь-ня народ адказвае: 

Амэн. 
 


Ritus conclusionis 
Завяршаючы Абрад 

141. Калі патрэбна, прад пачаткам Завяршаючага Абрада чытаюцца кароткія аб’явы для народа. 
142. Затым зьдзяйсьняецца разасланьне народа. Сьвятар, тварам да народа, рас-пасьцёршы рукі, кажа: 

Госпад з вамі. 

Народ адказвае:

І з духам тваім. 

Сьвятар дабраслаўляе народ словамі: 

Няхай вас дабраславіць усемагутны Бог - Айцец, і Сын, + і Дух Сьвяты. 

Народ адказвае: 

Амэн. 

143. Затым дыякан альбо сам сьвятар, склаўшы рукі і зьвярнуўшыся да народа, кажа:

Ідзіце зь мірам. Імша зьдзейсьнілася. 

Альбо: 

Ідзіце зь мірам Хрыстовым. 

Альбо: 

Ідзіце зь мірам. Любоў Госпада няхай будзе з вамі. 

Народ адказвае: 

Дзякуем Госпаду Богу. 

144. Затым сьвятар цалуе алтар, як на пачатку Імшы - учыніўшы разам з асыстай поклон, выходзіць. 
145. Калі непасрэдна пасьля Імшы адбываецца наступнае багаслужэньне, разас-ланьне народа не зьдзяйсьняецца. 
 
 

Парадак сьвятой Імшы з народам | Чин Святой Мессы (белорусский язык)

Сильно отличается от предыдущего Текста. Подробно. Евхаристическая молитва II. © Царква, 2000 г.